Главная » 2017 » Август » 21 » У Дружнам (памяці Валеры Скакуна)
00:11
У Дружнам (памяці Валеры Скакуна)

     Для “экватарцаў” паэт і бард Валеры Скакун – не проста сябар і калега, але і легендарны творца і актыўны ўзельнік клуба, сапраўдны літаратар і патрыёт свайго Краю. 24 мая 2017 года ў Дружненскай школе мастацтваў (Пухавіцкі раён) прайшла вечарына памяці Валерыя Скакуна “Дарогай паэта, барда, грамадзяніна”, арганізаваная Дружненскай бібліятэкай з удзелам сяброў літаратурнага клуба “Экватар”.

     Як адзначылі бібліятэкары, па праву можна казаць што для арганізатараў вечарыны і гледачоў гэта было адкрыццё імя Валерыя Скакуна. Ён жыў побач з мясцовымі людзьмі, быў час, калі ён працаваў у дырэкцыі ТЭЦ-5, потым працаваў на далёкай Поўначы, у Якуціі, але як паэт і бард ніколі сябе шырока не рэкламаваў. Сціплы па натуры і вельмі замкнёны як творца, ён засяроджваўся больш на сваім жыцці, дзе вялікае месца, як паказала гісторыя яго лёсу, займала менавіта літаратура. Са сваіх вандровак ён прывозіў шмат матэрыялаў, з якіх складываліся вершы, песні і апавяданні.

     Удзельнікі літаратурнага клуба “Экватар”, які узначальвае журналіст і пісьменнік Вячаслаў Корбут, з’яўляліся тым самым асяродкам, дзе творча існаваў, развіваўся і сябе рэалізоўваў Валеры Скакун. У прыгожы майскі  дзень 24 траўня 2017 года ў пасёлак Дружны, каб расказаць пра свайго сябра і калегу, прыехалі пісьменнікі і паэты Вячаслаў Корбут, Серж Мінскевіч, Кацярына Мяшкова, Святлана Шашко-Шаблінская, Вера Феактыстава, Ірына Цуканава.

     Валеры Скакун прысутнічаў побач з выступоўцамі праз свае кнігі, вершы і песні. Гучалі словы пра яго творчасць, пра жыццёвыя  ягоныя прыгоды, пра выдадзеныя ім кнігі. Гучалі вершы паэта і песні, якія былі сабраны ў невялікі музычны альбом. Прагучалі са сцэны такія яго песні, як “Раненый волк”, “Была гражданка”, “Верныя сцягу Радзімы” і іншыя. Таксама была прэзентавана пасмяротная кніга вершаў паэта, якая выйшла да гадавіны ягонай смерці ў сакавіку 2017 года “І вабіць дарога наперад”. 

     Ва ўтульнай зале музычнай Дружненскай школы сабраліся як школьнікі мясцовай  школы, выкладчыкі, бібліятэкары, так і мясцовая грамадскасць, людзі, з якімі жыў і працаваў паэт Валеры Скакун. Па заканчэнні мерапрыемства прысутныя адзначылі, што на гадавіну дня нараджэння паэта (17 мая) такія сустрэчы ў п. Дружны павінны адбывацца кодны год і каб гэта стала добрай і знакавай традыцыяй, бо такога таленавітага і значанага аўтара дружненскі край яшчэ не ведаў.

 

Напрыканцы прагучаў верш Валеры Скакуна пра пасёлак Дружны:

 

На прасторах Радзімы сваёй,

Дзе дубровы, лясы і палеткі,

Дзе адной жывуць людзі сям’ёй

І малыя гадуюцца дзеткі,

 

Дзе бруіць жыццё па чарадзе,

Дзе народ працавіты і мужны,

Звыкла быць дзе заўжды ў грамадзе,

Ёсць пасёлак пад назваю Дружны.

 

Вячаслаў Корбут

Фота з падзеi

Категория: Новости | Просмотров: 43 | Добавил: Vermut | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
avatar
верх