Главная » 2017 » Август » 21 » Ліпень 2017-га. Фаніпаль – Ракаў
11:31
Ліпень 2017-га. Фаніпаль – Ракаў

     Напэўна, бываюць у жыцці такія дні, якія, нібыта яркія светавыя плямы, застаюцца ў памяці надоўга, калі не сказаць, – назаўжды. Менавіта такім стаў, ва ўсялякім разе для мяне, дзень 23 ліпеня 2017 года. Пачнем з таго, што ён быў, нарэшце, па-сапраўднаму летнім – цёплым і сонечным, бо лета 2017 года нас дагэтуль амаль цяплом не радавала.

     Кіраўнік літаратурнага клуба “Экватар” разам са сваім старым сябрам Вадзімам Калістратавым на ягонай уласнай машыне раніцай гэтага дня сабралі нас, дзяўчат, па розных кропках Мінска – мяне, Кацю Мяшкову і Ірыну Цуканаву, і мы рушылі ў Фаніпаль на выступленне.

     А там ужо чакалі – гасцінна сустрэла нас бібліятэкарка 15-й зенітнай ракетнай брыгады. І вось мы ўсе накіраваліся ў кабінет за брыгаднай актавай залай, каб трошкі падрыхтавацца да выступлення. Ваеннаслужачыя ж хутка сабраліся, і канцэрт пачаўся.

     Распачаў мерапрыемства, як і палагаецца, кіраўнік літаратурнага клуба “Экватар” Вячаслаў Корбут. Ён распавёў пра наш клуб, пра сяброўства з 15-й зенітнай ракетнай брыгадай, якое працягваецца ўжо не адзін год. Узгадаў нашага сябра Валерыя Скакуна, які не так даўно пайшоў з жыцця і які, дарэчы, выступаў у гэтэм воінскім падраздзяленні, і нават зачытаў верш Валерыя. Потым Вячаслаў Корбут чытаў свае вершы на патрыятычную тэматыку.

     Канцэрт прадоўжыла Ірына Цуканава, якая праспявала некалькі песень таксама на патрыятычную тэматыку.

     Наступнай выступала я, Інга Вінарская. Я распавяла салдатам пра альманах “Літаратурны экватар”, шэф-рэдактарам якога я з’яўляюся з 2012 года. Потым я прачытала з дзесятак лірычных вершаў з другога нумара альманаху.

     Следам слова атрымала Каця Мяшкова, наша пісьменніца і падарожніца. Каця распавяла пра сваю кнігу “Чароўная хваля вандровак” і – крыху падрабязней – пра некаторыя з гэтых падарожжаў. Потым Каця зачытала шэраг сваіх вершаў.

     Далей слова зноў узяў Вячаслаў Корбут – тут ён ужо перайшоў да гумару і прачытаў некалькі сваіх баек пад рогат і воплескі залы. А потым мы ўсе трое – Ірына Цуканава, я і Кацярына Мяшкова – яшчэ раз атрымалі слова. Ірына спявала, я зноў чытала “лірыку кахання і блукання”, а Каця чытала ўрыўкі са сваёй вандроўнай прозы.

     Завяршыла канцэрт Ірына Цуканава са сваёй “кароннай” песняй “А я милого узнаю по походке…”

     Увогуле, усе нашыя выхады да мікрафона былі ўдалыя: саладатам падабалася нашае выкананне твораў, і яны віталі нас апладысментамі.

     Напрыканцы канцэрта ад імя кіраўніцтва 15-й зенітнай ракетнай брыгады кіраўніку літаратурнага клуба “Экватар” была ўручана Грамата, у якой былі падзячныя словы ў адрас нашай літаратурнай суполкі.

     Потым было невялічкае чаяпіцце ў бібліятэцы брыгады, якое прайшло ў вельмі цёплай атмасферы.

     Але гэта быў яшчэ не канец гэтага цудоўнага дня. Пасля выступлення ў Фаніпалі нашая невялічкая кампанія накіравалася ў старажытны Ракаў, і далей – на бераг самай пісьменніцкай рэчкі Беларусі, Іслачы. Там адбыўся сапраўдны пісьменніцкі пікнік – з размовамі, развагамі, і нават – танцамі на траве! Гэта было цудоўна! Няхай у жыцці будзе болей такіх яркіх дзён!

     Успамінамі дзялілася Інга Вінарская

     Фотаальбом падзеi

Категория: Новости | Просмотров: 58 | Добавил: Vermut | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
avatar
верх